16.11.2022
Сустрэча з класікам
З 11 па 16 лістапада ў Бабруйску праходзіў VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.-Д.Марцінкевіча. Падчас фестывалю настаўнікам і вучням гімназіі пашчасціла сустрэцца з Аляксеем Дударавым, вядомым драматургам, сцэнарыстам, старшынёй Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, жывым класікам сучаснай беларускай літаратуры. Яго творы вывучаюцца ў курсе школьнай праграмы. Большасць вучняў ведае аўтара і па фільме “Белыя росы”.
Сустрэча атрымалася цёплая і задушэўная. Аляксей Ануфрыевіч шчыра адказаў на пытанні гімназістаў і іх настаўнікаў, распавёў пра сябе, прататыпаў герояў і гісторыю напісання сваіх твораў. Усе прысутныя яшчэ раз пераканаліся ў тым, што вялікае заўсёды простае, сціплае, даступнае, але вельмі глыбокае, без аніякага налёту фальшу і занослівасці. А творы і праца не дзеля славы, а дзеля самавыражэння. Сапраўдныя творы атрымліваюцца, калі не пісаць немагчыма, а аўтар, жывучы жыццём сваіх герояў, проста фіксуе ўсё на паперы. Пісьменнік, на думку А.Дударава, - гэта не прафесія, пісьменнік – гэта дыягназ.